Сёння ўспамінаем навагрудскага паэта Самсона Пярловіча, якога не стала 14 снежня 2001 года. Яму было 78 гадоў. Гэта быў адметны паэт, творчасць якого вядома далёка па-за межамі яго роднай Наваградчыны і Гродзеншчыны.
Пры жыцці Самсона Пярловіча былі выдадзеныя тры зборнікі: “Бяссмертнік” (вершы, 1994) – кніга пра яго жыццёвы лёс, дзе першасны вобраз – бяссмертніка, кветкі як сімвала бяссмерця і паэзіі, кніга народнага лёсу, складаных гістарычных шляхоў, якімі беларусы ішлі праз XX стагоддзе.
Другі “Заяц на бярозе” (Навагрудак, 1995) – зборнік гумару, лірыкі і сатыры.
Трэцці зборнік “Чарадзейны агонь” (Навагрудак, 1998), у якім асноўную частку складаюць вершы, а таксама пераклады з рускай мовы вядомых песень, гумар і мастацкая проза.
У кожным вершы С. Пярловіча адчуваецца любоў да Беларусі, да Бацькаўшчыны, які заплаціў дарагую цану і ў сталінскія часы, і ў гады нямецкай акупацыі. Калі чытаеш радкі з вершаў Самсона Пярловіча, хочацца стаць лепшым, спазнаць мудрасць, нябачаную за штодзённай мітуснёй. Паэзія Самсона Пярловіча гэта не проста карункі прыгожых слоў, пастаўленых у адмысловым парадку. Гэта той неацэнны скарб, дар, які даецца далёка не кожнаму.
Лірызм твораў будзе блізкі чытачам яго паэзіі, якія ўпершыню адкрыюць для сябе імя сапраўднага паэта і грамадзяніна з выданнямі, што прадстаўлены ў краязнаўчым фондзе Навагрудскай раённай бібліятэкі.