10-11 чэрвеня ў Навагрудку і аграгарадку Шчорсы Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці адбыліся юбілейныя V Шчорсаўскія чытанні. Арганізатарамі канферэнцыі выступілі ўпраўленне культуры Гродзенскага аблвыканкама, аддзел культуры Навагрудскага раённага выканаўчага камітэта, Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я. Ф. Карскага. Гасцей прымала Навагрудская раённая бібліятэка. У гэтым адукацыйна-навуковым праекце прынялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства культуры і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, рэлігійных канфесій, супрацоўнікі музеяў, навукоўцы, гісторыкі, краязнаўцы і, вядома, бібліятэкары. Працавалі дзве секцыі – першая разглядала “Актуальныя пытанні бібліятэчнай справы: стратэгічныя накірункі дзейнасці” (яна засядала у Навагрудскай раённай бібліятэцы), на другой ішла размова пра “Кніжныя помнікі Гродзеншчыны” (працавала ў Доме-музеі Адама Міцкевіча). У выступленнях навукоўцаў, краязнаўцаў і святароў гучала тэма даследаванняў беларускіх кніжных помнікаў, таксама ішла размова пра культурна-пазнавальны і рэлігійны турызм. Намеснік генеральнага дырэктара Нацыйянальнай бібліятэкі Алесь Суша распавёў пра Шчорсаўскую бібліятэку Храптовічаў і шляхі яе вяртання на Радзіму. Увазе ўдзельнікаў была прадстаўлена рукапісная спадчына татараў, якую прадставіла Разалія Аляксандровіч, супрацоўнік Нацыянальнага інстытута адукацыі. Удзельнікі другой секцыі былі асабліва ўраджаны выступленнем ксяндза Віталія Цыбульскага, настаяцеля парафіі касцёла святога Казіміра ў аграгарадку Уселюб. Анімацыйна-забаўляльная праграма “Вандроўка з навагрудскай гараджанкай” знаёміла ўдзельнікаў з жыццём даваеннага Навагрудка і яго гараджан, захаванымі архітэктурнымі аб’ектамі гістарычнага цэнтра горада і запрашала прыняць удзел у інтэрактыўных заданнях. Таксама адбалася экскурсія па былой сядзібе І. Храптовіча і наведванне Свята-Елісееўскага Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра.