/ 16 февраля, 2024

11 лютага ў бібліятэчным пункце Навагрудскай раённай бібліятэкі прайшоў вечар творчых сустрэч “Ад кнігі да творчасці: грані талентаў нашых чытачоў”.

На сустрэчу завіталі прыгожыя, таленавітыя і актыўныя чытачы ва ўзросце 60+. Гэта цудоўныя людзі, якім можна па-добраму пазайздросціць: іх аптымізму, празе да жыцця, жаданню спасцігаць нешта новае, адданасці любімаму занятку. З часу адкрыцця ў 2020 годдзе ў фізкультурна-аздараўленчым комплексе “Лідар” бібліятэчнага пункта, удзельнікі мерапрыемства сталі яго пастаяннымі чытачамі. Але не толькі любоў да кнігі і чытання яднае іх. Кожны яшчэ мае свой талент,  захапленне, або хобі. На сустрэчу прыйшлі людзі, якія лічаць, што вучыцца ніколі не позна. Менавіта гэта яны і прадэманстравалі. А бібліятэкар зрабіла агляд цікавых выданняў па рукадзеллі. Кнігі прадстаўленыя на выставе “Свет захапленняў” абавязкова павінны спадабаюцца тым, хто любіць хэндмэйд і марыць сам навучыцца што-небудзь рабіць сваімі рукамі.

 Майстар фітадызайну Ганна Міхайлаўна Клешч расказала аб сваім захапленні. Яна стварае мастацкія вырабы, якія дораць людзям прыгажосць і радасць, і атрымлівае задавальненне ад сваёй працы. Не раз яе вырабы з кветак займалі прызавыя месцы ў абласных і рэспубліканскіх конкурсах, былі прадстаўлены на шматлікіх выставах. Яна заўсёды ў творчым пошуку, працягвае здзіўляць сваім талентам і творчымі ідэямі.

Святлана Міхайлаўна Дзмітрыевіч расказала пра сваё захапленне кветкаводствам. Вырашчаныя ёю петуніі ўпрыгожваюць наш горад. Таксама яна падзялілася ўражаннямі аб сваім удзеле ў конкурсе прыгажосці “Жанчыны Беларусі” 2023, дзе атрымала прыз глядацкіх сімпатый.

Тамара Іванаўна Клачэк і Святлана Георгіеўна Барысава прадэманстравалі свае вязаныя вырабы і раскрылі невялікія сакрэты свайго захаплення.

Дружнымі апладысментамі ўдзельнікі сустрэлі вершы ўласнага сачынення Крысціны Антонаўны Зайцавай. Цёплы прыём са сваімі творамі атрымаў і  Юрый Міхайлавіч Стрыжак.

Таленавітыя, яскравыя, жыццярадасныя… Ланцуг прыметнікаў можна працягваць бясконца.

Сустрэча прайшла ва ўтульнай і хатняй атмасферы. Усе ўдзельнікі атрымалі масу пазітыўных уражанняў і зарад бадзёрасці, а на памяць засталіся выдатныя фатаграфіі. Усе выказалі жаданне зрабіць такія сустрэчы традыцыяй.

Падзяліцца спасылкай:

Оставить комментарий