18 снежня Навагрудская раённая бібліятэка запрасіла ў этнагасцёўню “Вельмі хораша ў душы на навагрудскім кірмашы” навучэнцаў гандлёва-эканамічнага каледжа. Праграма пачалася з цікавай гістарычнай інфармацыі аб гісторыі правядзення кірмашоў у Беларусі. Асаблівая ўвага была звернута на кірмашы Навагрудка, якімі славіўся горад. Потым падарожжа прадоўжылася на імправізаваным кірмашы рамёстваў. Дзеючай асобай мерапрыемства была беларуская гандлярка, якая правяла латэрэю – разнавіднасць гандлёвай дзейнасці з мэтай рэалізацыі тавару праз гульню. Жадаючыя ў ёй паўдзельнічаць круцілі барабан, выцягвалі паперку з нумарам і атрымоўвалі прыз. Цікавым было і заданне з вызначэннем тавару, які прадавалі гандляры. Гэта патрэбна было зрабіць з дапамогай вершаваных радкоў — заклінання гандляроў. Потым аўдыторыя цёпла вітала майстра ганчарных спраў, які прапанаваў па першых літарах слова здагадацца, аб якім прадмеце ідзе гаворка і назваць яго. Адбылося знаёмства з працай каваля праз вызначэнне прылад, якімі ён карыстаецца. Майстэрства пляцення таксама не было пакінута без увагі. З кірмаша прысутныя не вярнуліся без прысмакоў, якімі частавала іх гандлярка. А прысутныя павінны былі праявіць таленты, каб іх атрымаць.