Першы абласны фестываль “Кніга і час” прайшоў 11 чэрвеня ў Свіслачы. Навагрудская раённая бібліятэка прадставіла інтэрактыўную бібліятэчную пляцоўку “Вялікае княства літаратуры”. Кніжную экспазіцыю склалі раздзелы-ваяводствы выставы: “гістарычнае”, “замкавае”, “рыцарскае”, “друкарскае”, “навуковае”, “лірычнае”. Кожнае кніжнае ваяводства ўпрыгожвалі тэматычныя прадметы: рыцарскі меч, макет бібліятэкі Храптовіча і інш. “Творчае ваяводства” прадстаўляла экспазіцыю лялек сваімі рукамі “Кніжны герой”. Гэтае ж ваяводства пазнаёміла з лялькамі-абярэгамі. Пападарожнічаць па Гродзеншчыне і Навагрудчыне можна было ў “Турыстычным ваяводстве”. Сваё веданне літаратурнай Гродзеншчыны можна было праверыць, склаўшы пазл з выявамі помнікаў пісьменнікам, паэтам, гістарычным асобам, літаратурным персанажам, якія знаходзяцца ў розных гарадах вобласці. За добра выкананае заданне ўдзельнікі атрымлівалі закладкі ручной работы. Навагрудчыну прадставіла карта славутасцяў нашага краю. Экскурсію па ваяводствам Вялікага княства літаратуры праводзіла Князёўна.