/ 4 ноября, 2022

3 лістапада Навагрудская раённая бібліятэка адсвяткавала 140-годдзе з дня нараджэння Народнага пісьменніка Беларусі Якуба Коласа літаратурна-этнаграфічнай гасцёўняй “Вялікі пясняр беларускага народа” разам з навучэнцамі Навагрудскага гандлёва-эканамічнага каледжа. Бібліятэкары распавялі пра жыццёвы і творчы шлях майстра мастацкага слова, пазнаёмілі прысутных з навагрудскімі старонкамі жыцця Коласа. Гучалі вершы пра Радзіму, беларускую мову. Беларусачка падрыхтавала этна-загадкі па коласаўскай “Новай зямлі”, а дзяўчаты спрытна адгадвалі прадметы побыту і прылады працы з інтэр’ера сялянскай хаты. “Фразеалагічныя цікавінкі”, якія выкарыстоўваў Якуб Колас патрэбна было не проста патлумачыць, але яшчэ некаторыя і паказаць. Параўнанні ў мове твораў Якуба Коласа займаюць асаблівае месца, ім таксама была прысвечана творчае заданне, з якім удзельнікі справіліся паспяхова. Узгадалі падчас мерапрыемства і пра помнік юбіляру ў нашым горадзе, і пра карціну “Якуб Колас у вызваленым Навагрудку” мастака Лазара Рана, нават склалі разам карціну-пазл з партрэтам песняра. Успомнілі таксама і пра яшчэ аднага вялікага юбіляра гэтага года, добрага сябра Коласа – Янку Купалу. Было прапанавана паэтычнае заданне “Два класікі”, дзе патрэбна было правільна вызначыць радкі з вершаў Якуба Коласа і Янкі Купалы. У такую святочную дату не абышлося і без падарункаў. Наогул, атрымалася літаратурна, па-коласаўскі гасцінна і вельмі цікава.

Падзяліцца спасылкай:

Оставить комментарий