Інтэрактыўная пляцоўка «ЧытайГорад» (у рамках аднайменнага праекта) працягвае сваю работу ў 2017 годзе. Гэтым летам яна працуе, як звычайна, у чашы Навагрудскага замка кожную пятніцу з 12.00 да 15.00 гадзін.
«ЧытайГорад» – гэта бібліятэчная інтэрактыўная пляцоўка, якая знаёміць жыхароў і гасцей Навагрудка з гісторыяй горада. У гэтых мэтах выкарыстоўваюцца кнігі, рэпрадукцыі, масавыя мерапрыемствы.
Сёлета наведвальнікам гістарычнага месца прапануецца экспрэс-выстава «Навагрудак у люстэрку часу». Дэманструюцца кнігі пра былое і сённяшні час Навагрудка, а таксама матэрыял пра замкі Беларусі і ў прыватнасці пра Навагрудскі замак. Асобны раздзел выставы – карціны Яўгена Даўлюда, тэмай творчасці якога былі архітэктурныя збудаванні роднага горада.
Пляцоўка прыцягвае не толькі мясцовых жыхароў, але ў першую чаргу гасцей горада і, вядома, турыстаў. Дыялогі з бібліятэкарам пра Навагрудак – галоўны інтэрактыўны акцэнт пляцоўкі.