Першы фестываль кнігі ў Гродна 22 верасня стаў дэбютнай пляцоўкай у маштабах вобласці лялечнага ЛіТэатра “Церамок” Навагрудскай раённай бібліятэкі. Варта адзначыць, гэта было ўдалае выступленне навагрудскіх “артыстаў”, і атрымала годную ацэнку прысутных на свяце. Гледачы не шкадавалі апладысментаў і нават воклічаў “Брава!”. Што вельмі прыемна.
Бібліятэка на фестываль прыехала не толькі з ЛіТэтрам, але і выставамі лялек сваімі рукамі “Кніжны герой” і “Лялькі-абярэгі”. Радавала, што гродзенцы мелі непадробны інтарэс да нашых работ і жаданне набыць іх у прыватныя калекцыі. Каля нашых выстаў пастаянна былі натоўпы людзей, нават дождж не перашкаджаў ім. Яны, схаваўшыся пад парасоны, разглядалі лялькі, цікавіліся тэхнікай іх выканання, фатаграфаваліся з імі і на іх фоне. Удзельнікі праекта “Садружнасць”, замежныя студэнты Гродзенскага Дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, таксама былі ўражаны героямі беларускай літаратуры і, асабліва, лялькамі-абярэгамі.
ДУК «Навагрудская раённая бібліятэка» атрымала дыплом удзельніка першага абласнога кніжнага фестывалю. Дамоў навагрудчане прыехалі з добрым настроем і задавальненнем ад якасна выкананай работы. Мы цікавыя і патрэбныя людзям. І гэта галоўнае.