13 красавіка Навагрудская раённая бібліятэка прыняла ўдзел у Першым рэгіянальным фестывалі «PROдвижение книги. Библиотечные ступени», які праводзіўся ў г. Карэлічы. У фестывалі ўдзельнічалі бібліятэкары з сямі раёнаў трох абласцей, а таксама беларускія аўтары і выдавецтва. Адбыліся цікавыя прэзентацыі кніг. Навагрудскія бібліятэкары раскрылі дзейнасць сваёй установы па папулярызацыі кнігі і чытання з выкарыстаннем інфармацыйных і камп’ютарных тэхналогій. На фестывалі была прадстаўлена галерэя віртуальнай рэальнасці «Навагрудак: гicторыя праз мастацтва», прысвечаная 975-годдзю Навагрудка. З дапамогай арыгіналаў карцін мастакоў, на якіх адлюстраваны наш горад, і бібліятэчнай базы дадзеных «Навагрудак у выяўленчым мастацтве» была прадэманстравана адукацыйна-эстэтычная дзейнасць бібліятэкі. Зацікаўленым наведвальнікам мы прапаноўвалі мастацкія і навукова-папулярныя кнігі пра Навагрудак, тым самым заклікаючы да чытання і вывучэння гісторыі. Спадабаліся ўдзельнікам і пазл-гульні, асабліва пазл-рэканструкцыя «Навагрудскі замак» па аднайменнай карціне Віктара Сташчанюка. Па выніках фестывалю Навагрудская раённая бібліятэка ўзнагароджана вымпелам і дыпломам пераможцы ў намінацыі «Бібліятэка новага фармату: праекты і ідэі».