26 жніўня ў Навагрудскую раённую бібліятэку завіталі маленькія вучні Шчорсаўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы. Хлопчыкам і дзяўчынкам была прапанавана займальная гульня-вандроўка “Навагрудскай сцяжынкай”. Падарожжа пачалося з тэатральнай станцыі і лялечнага спектакля па літаратурнай казцы “Пернікі для ваўка” ЛіТэатра “Церамок”. Мядзведзік разам з Мышыкам ратавалі Зайчыка, а таксама вучылі добрым звычкам Лісу, Ваўка і юных гледачоў. З загадкамі і вясёлымі інтэрактыўнымі заданнямі дзеці справіліся выдатна. Кніжная выстава “Краіна казак” нагадала яшчэ раз пра лепшыя беларускія, рускія і сусветныя дзіцячыя творы і іх аўтараў. Далей нашых падарожнікаў чакаў літаратурна-гістарычны прыпынак, прысвечаны 975-годдзю Навагрудка. Асаблівую цікавасць у дзяцей выклікаў макет Навагрудскай ратушы, якую ўпрыгожваў флюгер з выявай Архангела Міхаіла. Зараз гэтага знакавага аб’екта ў лёсе нашага горада ўжо не існуе, а таму гісторыя яго заўжды прыцягвае ўвагу. Сапраўдны ажыятаж выклікалі роставыя фігуры. За сэлфі ў вобразе князя Ягайлы і князёўны Соф’і Гальшанскай выстраілася цэлая чарга. Апошні прыпынак атрымаўся краязнаўчым. З гісторыяй Навагрудка дзеці знаёміліся ў міні-музеі міні-макетаў “Страчаная спадчына”. Атрымалася сапраўднае падарожжа ў прасторы і часе, насычанае новымі ўраджаннямі і ведамі.