1 верасня ў Слоніме ў 26-ы раз прайшоў традыцыйны Дзень беларускага пісьменства. Навагрудская раённая бібліятэка прадставіла літаратурнае кафэ “Навагрудскія цікавосткі”. Гасцей і ўдзельнікаў свята цікавілі новыя кнігі пра Навагрудак, які сёлета адзначае сваё 975-годдзе. На выставе экспанаваліся ўнікальныя выданні з фондаў нашай бібліятэкі – факсімільнае выданне Лаўрышаўскага Евангелля, першае поўнае афіцыйнае рыма-каталіцкае выданне Новага Запавету на беларускай мове, «Кніга цудаў Наваградскай іконы Багародзіцы як помнік гісторыі ХVII ст.» Міколы Нікалаева. Дзеці і дарослыя спрабавалі ўзгадаць беларускіх пісьменнікаў і паэтаў падчас літаратурнай складанкі “Асоба і творчасць”. На выставе “Краіна казак” былі прадстаўлены лепшыя беларускія казачныя творы, а расказвалі пра іх прыгажуні-лялькі ручной работы, выкананыя Ларысай Касцюк. Наведвальнікі пляцоўкі з задавальненнем фатаграфаваліся ў вобразе Князя і Князёўны. Аб часах ВКЛ нагадваў макет Навагрудскай ратушы з міні-музея “Страчаная спадчына”. Як і ў сапраўдным кафэ акрамя літаратурных і інтэлектуальных “цікавосткаў”, гасцей частавалі смачнай гарбатай і варэннем.