Кашалеўская сельская бібліятэка для жыхароў аграгарадка апошнім часам стала жаданым цэнтрам зносін. Заслуга ў гэтым мясцовага бібліятэкара Алены Пятроўны Шынтар. Людзі да яе цягнуцца і задавальненнем наведваюць мерапрыемствы, што ладзяцца ў бібліятэцы. Вось і 28 верасня, напярэдадні Дня пажылых людзей, сюды прыйшлі чытачы пенсійнага ўзросту, каб адчуць свята і прыняць віншавальную паштоўку “Славім узрост залаты”. Напярэдадні дзеці, сябры бібліятэкі і яе актывісты, на свой густ кожнаму запрошанаму на мерапрыемства аформілі віншавальную паштоўку, на якой напісалі ўрыўкі з вершаў і цёплыя словы пажаданняў, а потым непасрэдна на самім мерапрыемстве павіншавалі людзей “залатога ўзросту” вось гэтымі паштоўкамі, вырабленымі сваімі рукамі. У адказ гучалі цёплыя словы ўдзячнасці. Час, праведзены ў бібліятэцы, гэтым людзям запомніцца як сардэчны і шчыры, да того ж яшчэ і смачны. Тут у бібліятэцы для іх працаваў ФітаБар. За кубачкай гарбаты яны расказвалі пра свае сем’і, дзяліліся ўспамінамі асабістага жыцця, рэкамендавалі адзін аднаму “фірменныя” рэцэпы прыгатавання страў. А потым былі песні, якія краналі пачуццёвыя струны душы. Так хораша было тут прысутным. Мерапрыемства дапаўняла кніжная выстава – “Для тых, хто не лічыць гады”.