/ 3 декабря, 2019

Міхась Зізюк напісаў прыгодніцкі твор «Таямніца гары Міндоўга». Чацвёра неразлучных сяброў выправіліся ў падарожжа. Бо адзін з бацькоў абмовіўся, што бачыў нешта незвычайнае на старадаўняй гары Міндоўга, якая знаходзіцца ў Наваградку. І ім захацелася даведацца, што там такое.

Дзяцей зацікавіла, што там было нейкае ззянне, быў шум незвычайны. І ім падалося, што там могуць быць скарбы. А скарбы, канечне, трэба шукаць. Вось з гэтага ўсё і пачалося. З простай дзіцячай зацікаўленасці вырасла незвычайная прыгода.

Як распавёў аўтар, падзеі пераносяцца ў ХVIІ стагоддзе, у той час, калі ішла вайна з Масковіяй. Калі было самае першае вялікае разбурэнне Навагрудскага замка казакамі Залатарэнкі. І вось яго героі трапілі ў самыя драматычныя часы.

«Я не першы год у літаратуры, — адзначыў Міхась Зізюк. — Я заўважыў, што не хапае падлеткавай літаратуры. Дзіцячай хапае, і перакладаюць, і пішуць многа. Я сам напісаў дзве дзіцячыя кніжкі. А вось падлеткавы ўзрост, ад 10 да 15 гадоў, ну практычна няма. І гэта першае, чаму мне прыйшла ідэя напісаць гэту кнігу. А другое, мне захацелася зацікавіць дзяцей, каб яны палюбілі сваю гісторыю.

У гэтай аповесці на прыкладзе ўсяго толькі аднаго раёна дзеці ўбачаць, колькі было ў нас знакавых аб’ектаў. Многія з якіх страчаныя, канечне. Але гэтым я хацеў паказаць, што гісторыя ў нас незвычайна багатая. І хоць не ўсё захавалася, але мы павінны ведаць, што было. Любіць і ганарыцца тым, што мы нацыя, багатая не толькі на лясы і балоты. Але багатая на культуру. І вось гэтую культуру адназначна трэба ведаць дзецям».

Літаратурная вандроўка з Міхасём Зізюком!

За кнігай звяртайцеся ў Навагрудскую раённую бібліятэку.

 

Падзяліцца спасылкай:

Оставить комментарий