Завяршыўся раённы конкурс турыстычных маршрутаў “Навагрудскімі сцежкамі”, які праходзіў з лютага па лістапад месяц 2019 года. Яго арганізатарамі былі ДУК “Навагрудская раённая бібліятэка” і ўпраўленне спорта і турызма Навагрудскага райвыканкама.
Удзел у конкурсе прынялі шаснацаць бібліятэк, пяць з якіх названы пераможцамі. Актуальнымі аказаліся дзве намінацыі з дзевяці – гэта “Лепшы маршрут у горадзе (гарадскім пасёлку)” і “Лепшы маршрут па сельскай мясцовасці”. Шкада, што не адбыліся астатнія сем намінацый.
Пераможцам намінацыі “Лепшы маршрут у горадзе (гарадскім пасёлку)” стала Любчанская ІГПБ з яе “Гістарычнымі мясцінамі пасёлка Любча”.
У ліку пераможцаў намінацыі “Лепшы маршрут па сельскай мясцовасці” чатыры бібліятэкі: 1 месца – Кміцянская СБК (“Зямля бацькоў нашых”), 2 месца – Харосіцкая СБ (“Нягневіцкімі сцежкамі”), 3 месца – Кашалеўская і Ладзеніцкая СБ (“Па родных сцяжынках”). А яшчэ журы адзначыла маршруты Лаўрышаўскай і Брольніцкай сельскіх бібліятэкі (“Лаўрышаўскімі сцежкамі” і “Па родных сцежках. Брольнікі”).
Ад упраўлення спорта і турызма Навагрудскага райвыканкама ўсе пераможцы атрымалі Дыпломы і каштоўныя падарункі, за што ДУК “Навагрудская бібліятэка” іх шчыра дзякуе, і адзначае прыемнае супрацоўніцтва з работнікамі гэтага аддзела. Асобнае “дзякуй” Федарчук Людміле Мечыславаўне, якая ўваходзіла ў склад журы конкурса і курыравала яго ход.
А зараз нам застаецца чакаць запытаў ад навагрудчан і турыстаў на экскурсіі па “Навагрудскіх сцежках”. Бібліятэкары да гэтай работы гатовыя.