/ 7 июля, 2020

Свята Купалле для Скрышаўскай сельскай бібліятэкі-клуба – гэта ўжо традыцыя. У гэтым годзе ліпеньскім вечарам у асноўным тут сабралася мясцовая моладзь, якая потым гаманлівым натоўпам пайшла да берага рэчкі, дзе штогод запальваецца вогнішча. Паколькі свята было не стыхійным, а арганізаваным, руль кіравання ў  свае рукі ўзяла бібліятэкар. Найперш яна павіншавала прысутных са святам, потым растлумачыла, чаму ў купальскую ноч паляць вогнішча, а менавіта, у гонар летняга сонцазвароту і ў гонар сонца, якое дае ўрадлівасць раслінам, а агню пры гэтым надаецца гаючае, ачышчальнае значэнне. Для ўдзельнікаў свята нечаканай стала інфармацыя пра купальскі вянок, іх здзівіла, што дзяўчаты уплятаюць травы, якія лічацца “прываротным зеллем”, у іх ліку  рамонкі, ружы, папараць і інш. Потым, як і належыць, запалілі агонь, вакол якога вадзілі карагод, спявалі купальскія песні, абавязкова “Ой рана, на Івана”, “Купалінка”, а потым і іншыя. Прысутных развесяліў конкурс прыпевак, яны з задавальненнем бралі ў ім удзел. Фінальным акордам свята на рэчцы стала кіданне вянкоў на ваду, пры гэтым дзяўчаты казалі словы: “Ляці, ляці вяночак, злаві яго дружочак”. А далей была дыскатэка ў бібліятэцы-клубе.

Падзяліцца спасылкай:

Оставить комментарий