16 і 17 лютага Навагрудская раённая бібліятэка ладзіла інтэлектуальна-забаўляльны квіз “Лёгкая мова”, прысвечаны Міжнароднаму дню роднай мовы, для навучэнцаў аграрнага і гандлёва-эканамічнага каледжаў. Бібліятэкары расказалі пра гісторыю свята, прадставілі шэраг цікавых фактаў пра нашу родную мову і парэкамендавалі творы беларускай літаратуры. Юнакі і дзяўчаты адгадвалі зашыфраваныя беларускія словы ў заданні “Перыфразы”, шукалі “гарэзлівыя літары” ў беларускіх прымаўках у заданні “Залацінкі народнай мудрасці”, каб надаць ім першапачатковы сэнс, даведваліся пра новыя беларускія словы, гулялі ў беларускамоўныя асацыяцыі. Самыя актыўныя і эрудзіраваныя навучэнцы атрымалі падарункі.