15 верасня ў Навагрудскай раённай бібліятэцы прайшлі бібліяпрыцемкі з інтэрактыўнай праграмай “Літаратурная геаграфія”. Разам з БібліяГідам наведвальнікі нашай бібліятэкі здзейснілі цікавае і захапляльнае падарожжа па бібліятэчным кантыненце. Былі наведаныя дзівосныя “Кніжныя астравы”, дзе бібліятурысты пазнаёміліся з пісьменнікамі з розных краін свету.
Далей маршрут прывёў нашых падарожнікаў на цікавае выпрабаванне на БібліяІнтуіцыю. Усіх захапілі вясёлыя і інтэлектуальныя заданні. У адным з іх патрэбна была адгадваць літаратурныя творы па словах, а вось наступнае ў нейкім сэнсе нават правярала экстрасэнсорныя здольнасці ўдзельнікаў. Патрэбна было адгадаць колер кнігі з завязанымі вачыма. За тым, каб удзельнікі не парушалі правілаў уважліва сачыў БібліяГід. І як не дзіўна, але былі выяўленыя сапраўдныя таленты ў БібліяІнтуіцыі. Наогул, раім гэтую здольнасць у сабе развіваць, бо менавіта яна дапаможа ў вялікім кніжным моры выбраць цікавыя творы для чытання. Далей патрэбна было правільна суаднесці кніжныя факты з чытачамі-бібліятэкарамі.
За памылковыя адказы Бібліягід прымаў ад удзельнікаў творчыя заданні, альбо частаваў іх лімонам.
Для бібліятурыстаў падарожжа завяршылася падарункамі і пачастункамі.
Таксама ў гэты дзень экспанавалася калекцыя міні-выданняў “Вялікая літаратура”, якую прадставіў чытач нашай бібліятэкі Генадзь Дрозд. А наведвальнікі атрымлівалі ў падарунак кніжныя закладкі.
З Днём бібліятэк!!































