Любчанская інтэграваная гарпасялковая бібліятэка працягвае рэкламаваць кнігі са свайго фонду.

Пад хэштэгам  #Кнігізфонду будуць размяшчацца пасты пра цікавыя кнігі. Запрашаем пазнаёміцца.

Казка Алены Шчарбаковай “Казачны горад” адрасавана дзецям сярэдняга школьнага ўзросту. Сюжэт кнігі будуецца вакол гісторыі падлеткаў Кастуся, Васілька і Веранічкі. Сябры праз шэраг абставін трапляюць у фантастычны свет. Каб вярнуцца дадому, ім давядзецца пераадолець шмат цяжкасцей на сваім шляху. Сябры, у вас ёсць магчымасць адправіцца разам у Казачны горад і прайсці ўсе выпрабаванні з галоўнымі героямі кнігі.

Шчарбакова, А.

       Казачны горад:  для дзяцей  сярэд. шк. узросту / Алена Шчарбакова; мастак Галіна Іванова. – Мінск: Звязда,2022. – 40 с.: іл.

Галоўныя героі Я.Конева  – дамавічок Шушык і дамавушка Жуля – звяртаюцца да маленькіх чытачоў і дзеляцца сваімі сакрэтамі. Шушык, малады дамавічок, руплівы і дбайны. А Жуля, маладая дамавушка, гарэзлівая і гуллівая. Але разам гэтыя ахоўнікі жытла перажываюць за гаспадароў, глядзяць,  каб у доме быў парадак, не хварэлі людзі, адваджваюць ад іх усякае ліха. Міфічныя істоты фальклору, дамавічкі Шушык і Жуля, увабралі ў сябе найлепшыя рысы беларускага народа.

Конеў, Я.Ф.

     Прыгоды дамавічкоў: казкі: для дзяцей мал. і сярэд. шк. узросту / Ягор Конеў; мастак Вікторыя Чарняўская. – Мінск: Звязда, 2022. – 48 с.: іл.

Кнігу “Легенды, паданні, сказы” напісаў для юных чытачоў паэт Анатоль Грачанікаў. Яна адкрываецца казкай “Слуга і ўладар”. Гэта гісторыя сведчыць аб тым, наколькі кемлівы беларускі народ, як можа знайсці выйсце з любой сітуацыі. Тут змешчаны і вершы, якія выклікаюць гонар за Беларусь, захапленне яе прыгажосцю. А які твор успрымаецца запаветам выдатнага паэта, вы даведаецеся, пазнаёміўшыся з гэтым выданнем.

Грачанікаў, А.С.

     Легенды, паданні, сказы: для дзяцей мал. і сярэд. шк. узросту / Анатоль Грачанікаў; мастак Лілія Клімава. – Мінск: Бедарусь, 2022. –  175 с.: іл.

У серыі “Жаночыя лёсы” выйшла кніга Марыі Літашкі пад назвай “Турыстка” на рускай мове. Разам з гераіняй Аленай, маладой мастачкай з Беларусі, суперажываеш, баішся, змагаешся. Яна страціла волю, але не страціла веру ў дабрыню і справядлівасць. Алена параўноўваецца з птушкай у залатой клетцы. Чаму? Даведаецеся, прачытаўшы раман. Кніга чытаецца на адным дыханні. Абыякавым застацца немагчыма.

Литошко, М.А.

    Туристка: роман / Мария Литошко. – Минск: Четыре четверти, 2021. – 140 с. – (Серия “Женские судьбы”).