Не ўсе ведаюць, што 14 лютага адзначаюць адно цёплае і душэўнае, якое нясе радасць і клопат свята – Міжнародны дзень дарэння кніг.
Свята кнігадарэння маладое — адзначаецца з 2012 года. Заслуга яго заснавання належыць не міжнародным грамадскім арганізацыям, а простым людзям, якія разумеюць ролю духоўных каштоўнасцей.
Амерыканка Эмі Бродмур, якая заснавала сайт дзіцячай кнігі, аднойчы задумалася над пытаннем сына, чаму няма свята, на якое трэба дарыць кнігі. Жанчына звярнулася да карыстальнікаў інтэрнэту падтрымаць гэтую ініцыятыву. Прапанова знайшла водгук у сэрцах мільёнаў. За некалькі гадоў акцыя «Падары кнігу» распаўсюдзілась па ўсім свеце.
Міжнародны дзень дарэння кніг праходзіць проста і цікава. Для яго правядзення не патрэбны вялікія матэрыяльныя затраты. Трэба толькі знайсці цікавую і карысную кнігу і падарыць яе сябрам, знаёмым, блізкім ці нават староннім людзям. «Забудзься» томік у зале чакання, фае ўстановы або ў парку, каб хтосьці прачытаў яго, правёўшы час. Колькі цікавых кніг, не раз прачытаных ці ўжо незапатрабаваных у сілу розных прычын, пыляцца дома ў шафах! Няцяжка адшукаць хаця б 2-3 экзэмпляры і перадаць іх у бібліятэку, школу, дзіцячы дом, бальніцу ці дабрачынную арганізацыю.