Маштабнае рэспубліканскае свята — XXXII Дзень беларускага пісьменства прайшоў у Лідзе 6 і 7 верасня. Гэта свята тых, хто мае дачыненне да кнігі – пісьменнікаў, выдаўцоў, бібліятэкараў і ўсіх, хто любіць і шануе родную мову. Навагрудская раённая бібліятэка прыняла ўдзел у свяце. Інтэрактыўная пляцоўка “Тры асобы – тры эпохі” была прадстаўлена велічнымі і знакамітымі постацямі нашага краю – Елісеем Лаўрышаўскім, Яўхімам Храптовічам і Адамам Міцкевічам. Іх жыццё і дзейнасць узбагацілі культурную і літаратурную спадчыну і Навагрудчыны, і Беларусі. Госці пляцоўкі мелі магчымасць паспрабаваць пісаць пяром і сапраўднымі чарніламі, напісаць сваё імя старадаўнім пісьмом – рунамі, зрабіць фотаздымак на памяць у імправізаваным “рэтра-фотаатэлье” на фоне Навагрудскага замка.
А яшчэ падчас свята былі падведзены вынікі абласнога конкурса бібліятэчнага дэкору сярод публічных бібліятэк Гродзенскай вобласці «Книжное Зазеркалье». Навагрудская раённая бібліятэка сямейнага чытання ўзнагароджана Дыпломам II ступені ў намінацыі «Литературные фантазии». «З рога ўсяго многа» — так называлася кампазіцыя па аднайменнай беларускай народнай казцы.