Традыцыйна ў час вясновых канікул у Любчанскай бібліятэцы праходзіць Тыдзень дзіцячай кнігі. Юных чытачоў запрасілі на брэй-рынг “Беларускія пісьменнікі дзецям”. Напярэдадні дзеці атрымалі дамашняе заданне прачытаць творы сучасных беларускіх пісьменнікаў і паэтаў. Дзеці чыталі Н.Галіноўскую “Звяры ў трамваі”, У.Мазго “Цуда-вуда: вершы, казкі, песні, загадкі”, А.Спрынчан “Таташ Яраш, мамана Аксана і дачэта Альжбэта” і інш. Іх кнігі вучаць шукаць, разумець і любіць, яны ўзбагачаюць унутраны свет дзіцяці. Дзеці паказалі добрую эрудыцыю: актыўна ўдзельнічалі ў літаратурных конкурсах, віктарынах, разгадвалі крыжаванкі, адгадвалі загадкі. Яны былі вынаходнікамі і адкрывацелямі, падарожнічалі па фантастычных краінах.
Другі дзень тыдня дзіцячай кнігі, сабраў дзяцей малодшага школьнага ўзросту на казачную рулетку “Добрый доктор Айболит”, прысвечаны 135-годдзю К.Чукоўскага. Дзеці з задавальненнем прымалі ўдзел у віктарынах па казках пісьменніка, адгадвалі загадкі, вучыліся складаць рыфмы, выкарыстоўваючы ключавыя словы. Ім патрэбна было адгадаць казачнага героя, закончыць фразу. Самыя актыўныя чытачы атрымалі прызы.
Падчас электроннай літаратурнай гульні “Знатакам беларускай літаратуры” дзеці 6-7 класаў паказалі добрыя веды па беларускай літаратуры. Яны ведаюць як беларускіх пісьменнікаў, так і іх творы. Актыўным чытачам былі ўручаны салодкія прызы.