30 лістапада 2018 года Навагрудская раённая бібліятэка стала пляцоўкай маштабнага і значнага для горада мерапрыемства. Менавіта тут арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі прэзентаваў Першае поўнае рыма-каталіцкае выданне Новага Запавету на беларускай мове. У Навагрудак арцыбіскупа суправаджаў старшыня Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў ксёндз-каноннік Ян Крэміс, доктар біблійнай тэалогіі і доктар біблійных навук Марына Пашук. У сваім дакладзе яна расказала пра беларускія пераклады Святога Пісання ў розныя гады.
Сустрэча-прэзентацыя была арганізавана Касцёлам Святога Міхала Арханёла ў Навагрудку. На мерапрыемстве прысутнічалі прадстаўнікі мясцовай улады — старшыня Навагрудскага раённага выканаўчага камітэта Анатоль Маркевіч і старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Мішарын. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выказаў ім, а таксама ксяндзу–пробашчу Юрыю Жэгарыну і дырэктару Навагрудскай раённай бібліятэкі Ірыне Царук, падзяку за прадстаўленую магчымасць прэзентаваць выданне ў Навагрудку. Яны і бібліятэка атрымалі ў дар Першае поўнае рыма-каталіцкае выданне Новага Запавету на беларускай мове.










