У летнюю пару ёсць магчымасць праводзіць масавыя мерапрыемствы на прыродзе. Добра, што тэмпература паветра ў бягучым годзе дазваляе рабіць гэта без пагрозы змерзнуць. Вось такая практыка работы з’явілася сёлета ў бібліятэкара Кашалеўскай сельскай бібліятэкі. 1 ліпеня ў чарговы раз яна з дзецьмі сярэдняга школьнага ўзросту выйшла на прыроду, і там правяла экалагічны ўрок “Гэта трэба нам – жывым”. У выніку атрымалася не звычайнае завочнае знаёмства са светам раслін, як гэта магло б быць, калі б мерапрыемства ладзілася ў бібліятэцы, а самае што ні на ёсць непасрэднае. Палявыя, лугавыя і лясныя кветкі хлопчыкі і дзяўчынкі маглі не толькі дэталёва разглядаць, але і нават чапаць іх рукамі, збіраць букеты для сваіх мам і бабуль, хтосьці з урока прынёс кветкі сваім сястрычкам і сяброўкам. Дзяўчынкі ж так іх любяць! Карысць ад такога ўрока на свежым паветры будзе значная. Дзеці атрымалі шмат новых і цікавых ведаў, і гэта быў элемент не толькі экалагічнай адукацыі, але і выхавання дзяцей у любові і захапленні прыродай.