У Навагрудскай раённай бібліятэцы 16 верасня прайшла сустрэча з Вячаславам Антонавічам Чамярыцкім – вядомым беларускім літаратуразнаўцам, крытыкам, перакладчыкам, кандыдатам філалагічных навук, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі. За сваю навуковую дзейнасць Вячаслаў Антонавіч узанагароджаны і медалём Францыска Скарыны. Яго імя ўпісана залатымі літарамі не толькі ў Кнігу Славы Навагрудскага раёна, але і ў фундамент гісторыі ўсёй беларускай навукі.
Улетку Вячаславу Антонавічу споўнілася 90 гадоў. Падчас сустрэчы гучалі цёплыя словы віншаванняў і пажаданняў.
Распачалося мерапрыемства з успамінаў. Вячаслаў Антонавіч узгадаў сваё дзяцінства, якое пачалося ў вёсцы Рабкі Дзятлаўскага раёна, але сапраўднай малой радзімай для яго стаў Навагрудак, куды сям’я пераехала ў 1937 г.
Расказаў Вячаслаў Антонавіч і пра сваю навуковую дзейнасць. Яна звязана з даследаваннем пісьмовай спадчыны Беларусі, вывучэннем жыцця і творчасці Францыска Скарыны. Менавіта за ўдзел ў стварэнні работ па скарыназнаўству ў 1994 годзе Вячаслаў Чамярыцкі быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі.
Падчас сустрэчы Вячаслаў Антонавіч паведаміў, што ў хуткім часе выйдзе яго новая кніга, праца над якой зараз актыўна вядзецца.













