19 лютага Навагрудская раённая бібліятэка ладзіла літаратурную праграму “Наша мова – наша слава”, прысвечаную Міжнароднаму дню роднай мовы. Удзел у мерапрыемстве прынялі навучэнцы другога курса Навагрудскага дзяржаўнага каледжа. Быў прасочаны гістарычны шлях нашай мовы, вызначаны яе адметнасці і самабытнасць з дапамогай самых розных літаратурных крыніц. Юнакі прынялі актыўны ўдзел у шэрагу філалагічных інтэрактываў.
Што беларуская мова самая звонкая і мілагучная, непаўторная і загадкавая, упэўніліся ўдзельнікі мерапрыемства дзякуючы “паэтычным карункам”. Бібліятэкар прадставіла вершамі асобныя беларускія кнігі. Навучэнцы таксама чыталі вершы беларускіх паэтаў пра родную мову. Дарэчы, у якасці пачастунку яны атрымлівалі цукеркі кандытарскай фабрыкі “Камунарка” з назвай “Родныя словы”. На кожнай цукерцы з унікальным дызайнам этыкеткі можна было знайсці цікавыя беларускія словы з унікальным арнаментам: “ветлівасць”, “удзячнасць”, “ціхамірнасць”, “пяшчота”, “натхненне”. Ім патрэбна было яшчэ і вызначыць іх значэнне. Студэнты актыўна ўдзельнічалі ў разгадванні беларускіх народных загадак. Успомніць прыказкі і прымаўкі дазволіла невялікае заданне, патрабуючае падбору да рускіх прыказак і прымавак адпаведных ім беларускіх. Юнакі і дзяўчаты пры выкананні задання праявілі свае веды, кемлівасць і знаходлівасць. Відэакліп пазнаёміў з прэм’ерай песні “Мова павінна жыць” у выкананні гурта “Дразды”.









