15 мая ў Кашалеўскай сельскай бібліятэцы адбылося мерапрыемства, прысвечанае Міжнароднаму дню сям’і — урок дабрыні пад назвай «Мая сям’я».
Бібліятэкар пазнаёміла юных наведвальнікаў з гісторыяй паходжання слова «сям’я», расказала, як змяняўся яго сэнс на працягу стагоддзяў.
Асаблівую цікавасць ва ўдзельнікаў выклікала бліц-апытанне на веданне прыказак і прымавак аб сям’і. Рабяты з задавальненнем спаборнічалі ў кемлівасці, успамінаючы народную мудрасць.
Акрамя таго, госці мерапрыемства дзяліліся ўласнымі сямейнымі традыцыямі, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне, а таксама вучыліся вызначаць ступені роднасных сувязей.
Да мерапрыемства ў бібліятэцы была падрыхтавана кніжная выстава «Сям’я на старонках літаратурных твораў».



