У гісторыі беларускай літаратуры XIX стагоддзя імя Яна Чачота стаіць побач з найвялікшымі творцамі, якія ўзнімалі народную культуру на небывалую вышыню.
Ян-Антоній Чачот нарадзіўся 7 ліпеня ў 1796 годзе ў фальварку Малюшыцы Навагрудскага павета (цяпер вёска Малюшычы Карэліцкага раёна) і з самага дзяцінства быў цесна звязаны з беларускай зямлёй.
Ян Чачот нарадзіўся ў вёсцы Малюшычы Карэліцкага раёна. Паходзіў са шляхецкага роду. Быў ахрышчаны ў касцёле ў вёсцы Варонча. З Малюшычаў сям’я Чачотаў праз некаторы час перасялілася ў фальварак Рэпіхава (сёння — Ляхавіцкі раён), дзе яго бацька працаваў кіраўніком у памешчыка Тызенгаўза. Адсюль у 1809 годзе паэт перабраўся ў горад Навагрудак, дзе 1809-1815 гадах вучыўся ў дамініканскай школе. Менавіта тут падчас засваення неабходных ведаў у галіне мовазнаўства, арыфметыкі, гісторыі, фізікі і іншых навук Ян Чачот пасябраваў са сваім аднакласнікам Адамам Міцкевічам.
У спалучэнні з агульнымі заняткамі і забаўкамі, любоўю да паэзіі і цікавасцю да гісторыі, Чачот і Міцкевіч былі не толькі сябрамі, але аднадумцамі.
Галоўнай справай жыцця Яна Чачота сталі яго знакамітыя зборнікі «Сялянскія песенькі». За сваё жыццё ён сабраў і выдаў каля тысячы аўтэнтычных беларускіх народных песень. Першыя зборнікі, такія як «Сялянскія песенькі з-над Нёмана» (1837) і «Сялянскія песенькі з-над Нёмана і Дзвіны» (1839), друкаваліся ў яго перакладзе на польскую мову. Аднак у 1844 і 1846 гадах ён зрабіў рэвалюцыйны крок, апублікаваўшы песні ў беларускім арыгінале. У прадмове да апошняга зборніка ён падрыхтаваў нарыс граматычных асаблівасцей беларускай мовы, упершыню паставіўшы пытанне пра прынцыпы «крывіцкага» правапісу і ўвёўшы ў яго літару «ў». Гэтыя зборнікі сталі сапраўднай энцыклапедыяй народнай творчасці, дзе знайшлі адлюстраванне паданні, казкі, звычаі і вераванні беларусаў.
Акрамя фальклорнай дзейнасці, Ян Чачот з’яўляецца аўтарам балад, вершаў і лібрэта аперэты «Малгажата з Зембаціна». Яго ўласная лірыка, цесна звязаная з народнай паэзіяй, закранала сацыяльныя тэмы, заклікала да працы і адукацыі. Кампазітар Станіслаў Манюшка паклаў на музыку дваццаць дзве песні Яна Чачота, што сведчыць пра высокую папулярнасцю і меладычнасць яго вершаў.
Апошнія гады жыцця паэта былі поўныя цяжкасцей. Пасля працы бібліятэкарам у маёнтку Шчорсы, ён вымушаны быў жыць у сяброў з-за адсутнасці пастаяннага заробку, меў праблемы са здароўем.
Пазней цяжкая хвароба прывяла яго вясной 1847 года на лячэнне ў Друскенікі, «на воды», але хвароба аказалася моцнай. 23 жніўня 1847 года ён памёр на руках сястры Тэклі. Пахавалі паэта на могілках у вёсцы Ротніцы (цяпер частка Друскенікаў, Літва), дзе клопатам сваякоў быў пастаўлены помнік з эпітафіяй.
Сёння творчая спадчына Яна Чачота набывае новае гучанне. Ён па праву лічыцца адным з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, пісьменнікам, які стаяў ля вытокаў нацыянальнага адраджэння. У год 230-гадовага юбілею ўвага да яго асобы і творчасці толькі ўзрасла. Паэзія Яна Чачота, прасякнутая любоўю да беларускай зямлі і яе народа, працягвае хваляваць сэрцы і натхняць новыя пакаленні на захаванне і развіццё роднай культуры.




